RUS ENG

БДУІР супраць БДУ?

 

Сёлета ў фінале студэнцкага чэмпіянату свету па праграмаванні ўпершыню выступяць дзве каманды з Беларусі — Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. Гэта ўнікальны выпадак: калі каманды БДУ пастаянна выступаюць у фінале гэтага прэстыжнага сусветнага спаборніцтва, то для БДУІР гэта сапраўдны прарыў!

Навіна прыйшла ў гэтую нядзелю з Санкт-Пецярбурга, дзе адбыліся паўфінальныя спаборніцтвы чэмпіянату свету па праграмаванні. У іх удзельнічалі больш за 200 каманд з ВНУ Арменіі, Беларусі, Грузіі, Казахстана, Кыргызстана, Латвіі, Расіі, Эстоніі і Узбекі стана. У выніку адна з каманд БДУ, якая стала бронзавым прызёрам, і каманда БДУІР з 19-м месцам выйшлі ў фінал. Патэнцыяльнымі фіналістамі сталі яшчэ тры каманды Белдзяржуніверсітэта, якія занялі 13-е, 15-е і 21-е месцы, але, паводле правілаў чэмпіянату, у фінале ад ВНУ ўдзельнічае толькі адна каманда.

Варта паясніць, што на чэмпіянаце выступаюць зборныя не краін, а ўніверсітэтаў, таму ў фінале камандам БДУ і БДУІР давядзецца паспаборнічаць. І паміж сабой, і яшчэ з сотняй наймацнейшых універсітэцкіх каманад свету.

— Нашы калегі з БДУ вялікія малайцы, яны заснавалі традыцыю ўдзелу прадстаўнікоў Беларусі ў чэмпіянаце свету па праграмаванні, — лічыць кіраўнік зборных БДУІР па праграмаванні, а ў нядаўнім мінулым трэнер, намеснік дэкана факультэта камп’ютарных сістэм і сетак Аляксей Ляшчоў. — БДУ далучыўся да чэмпіянату ў сярэдзіне 90-х гадоў, а БДУІР — толькі ў 2006 годзе. І мы бачым станоўчую дынаміку сваіх вынікаў: кожны год выходзілі ў паўфінал і ўрэшце трапілі ў фінал. У цэлым канкурэнцыя нядрэнна адбіваецца на ўсіх удзельніках спаборніцтваў. Сёлета, напрыклад, дастойна выступілі каманды Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Што да БДУ, то ўніверсітэт добра дапамагае менш вопытным удзельнікам, далучае нас да трэніровачнага працэсу.

У склад каманды БДУІР уваходзяць студэнты факультэта камп’ютарных сістэм і сетак Аляксей Рапан, Ігар Брукаў, Данііл Беражноў. Усе яны ўдзельнікі школьных алімпіяд па інфарматыцы і студэнцкіх спаборніцтваў па спартыўным праграмаванні “са стажам”. У камандзе ў кожнага свая роля. Ігар — “спецыяліст” па алгарытмах, Данііла ў камандзе вельмі цэняць за матэматычную падрыхтоўку. Капітан каманды студэнт 4 курса Аляксей Рапан удзельнічае ў чэмпіянаце чацвёрты раз. Паводле правілаў, больш удзельнічаць нельга, таму сёлета было асабліва важна ўзяць паўфінальную планку. Хаця такая мэта была і раней.

— У папярэднія гады мы набліжаліся да выхаду ў паўфінал, паступова набіраліся вопыту і вось — узялі вышыню! Для высокага выніку мае значэнне вопыт кожнага ўдзельніка паасобку і сыгранасць каманды. Важна, каб гульцы былі разнапланавымі людзьмі, маглі падысці да задачы з розных бакоў, — дзеліцца вопытам капітан.

Як расказаў трэнер каманды малады асістэнт кафедры інфарматыкі БДУІР Сяргей Актанаровіч, сёлета каманда вельмі карпатліва трэніравалася. Студэнты ўдзель нічалі ў інтэрнэт-спаборніцтвах (анлайн-турніраў зараз праводзіцца вельмі шмат, напрыклад, расійскімі кампаніямі, універсітэтамі, якія маюць багатую гісторыю спартыўнага праграмавання). Каб быць у форме, трэба таксама ездзіць на спаборніцтвы. Так, у гэтым годзе студэнты-праграмісты з БДУІР пабывалі на турнірах у Азербайджане, Украіне.

— Удзел у фінале прадастаўляе вельмі цікавыя магчымасці з пункта гледжання і адукацыі, і наладжвання сувязей з сусветна вядомымі кампаніямі, — расказвае трэнер, — гэта надзвычай прэстыжнае мерапрыемства, якое прыцягвае ўвагу гігантаў ІТ-індустрыі. Акрамя таго, арганізатар чэмпіянату, кампанія АСМ, прадастаўляе ўдзельнікам фіналу бясплатны доступ да сваёй багатай электроннай бібліятэкі.

— Студэнты, якія актыўна праяўляюць сябе ў такіх спаборніцтвах, атрымліваюць базіс для таго, каб потым распрацоўваць інавацыйныя рашэнні, ствараць новае, — дадае кіраўнік каманды БДУІР Аляксей Ляшчоў. — Да такіх студэнтаў ва ўсім свеце праяўляюць цікавасць кампаніі — лідары ў сваіх сегментах індустрыі, якія імкнуцца выпускаць прынцыпова новыя прадукты. Для вырашэння гэтай задачы патрэбны адпаведныя навыкі і ўзровень інтэлектуальнага развіцця. Між іншым Yota — бесправадны 4G-інтэрнэт — прыдумана пераможцам чэмпіянату свету па праграмаванні. Нездарма генеральны спонсар гэтага спаборніцтва — камнанія ІВМ, якая ўжо на працягу 100 гадоў з’яўляецца адным з галоўных інаватараў у сферы інфармацыйных тэхналогій, а алімпіядны рух у нашым універсітэце падтрымлівае IBA Group. Мяркую, што нашы выпускнікі яшчэ сябе пакажуць!

Перад фіналам чэмпіянату свету ў каманды, трэнера і кіраўніка вельмі аптымістычны настрой: натхняе вынік нядзельнага спаборніцтва. Ён кажа аб тым, што высокая планка ў выглядзе аднаго з 12 медалёў фіналу для БДУІР цалкам дасягальная.

Іна НІКІЦЕНКА.

Другие сайты факультетаСтруктураОбразованиеМагистратураНаукаМеждународное сотрудничествоСтудентуНИРСАСовет молодых ученыхОлимпиадыАбитуриентуШкольникуЦентр
Компетенций
по ИТ
Microsoft
Imagine Premium
ИсторияИздания факультетаПрофбюро ФПМИПерсональные страницыФотогалереи Газета ФПМыНаши партнеры