RUS ENG

Iнфарматыка у задачах

Запытайцеся ў сённяшніх школьнікоў, кiм яны хочуць стаць, і,думаю, амаль у кожным класе абавязкова знойдзецца 1-2 вучні, якія адкажуць вам, што мараць стаць праграмістамі і аргументуюць сваё жаданне тым, што сёння гэта прэстыжная, вельмі перспектыўная, запатрабаваная і да таго ж высокааплатная прафесія. Наблізіцца да запаветнай мары дзецям дапаможа новы факультатыўны курс "Інфарматыка ў задачах" для 8—9 класаў, які атрымаў грыф Нацыянальнага інстытута адукацыі і рэкамендаваны для выкарыстання ў вучэбным працэсе.

Аўтарамі гэтага факультатыўнага курса сталі загадчык кафедры эканамічнай інфарматыкі Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Аксана Леанідаўна Сапун, старшы выкладчык кафедры тэхналогіі праграмавання Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Кацярына Васільеўна Пазюра і настаўніца інфарматыкі Ліцэя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Анжаліка Іванаўна Лапо. Дарэчы, Анжаліку Іванаўну педагогі рэспублікі добра ведаюць як аўтара шматлікіх вучэбных дапаможнікаў па інфарматыцы (апошнія з іх—для 6 і 9 класа), дыдактычных і метадычных матэрыялаў, як метадыста, які выступае з лекцыямі ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі і рэгіянальных інстытутах развіцця адукацыі, як настаўніка-практыка, што рыхтуе вучняў да ўдзелу ў алімпіядах. Так, выхаванцамі А.І.Лапо былі прызёры міжнародных алімпіяд па інфарматыцы Сяргей Ціхан, Дзмітрый Багданаў (да прыходу ў Ліцэй БДУ быў выхаванцам М.С.Далінскага), Арцём Вольхін, Павел Каліннікаў.

"Ад загадчыка кафедры інфарматыкі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдата педагагічных навук, дацэнта Аляксандра Яўгенавіча Пупцава мы даведаліся, што ёсць магчымасць распрацаваць праграмы факультатыўных курсаў і прадставіць іх на разгляд у Нацыянальны інстытут адукацыі. А паколькі сёння алімпіяды карыстаюцца вялікай папулярнасцю ў вучняў, а таксама зыходзячы з назапашанага вопыту (дарэчы, Кацярына Васільеўна Пазюра займаецца з алімпіяднікамі-студэнтамі, з'яўляецца дырэктарам Заходняга рэгіёна АСМ — спіаборніцтва чэмпіянату свету па праграмаванні, у які, акрамя Беларусі, уваходзіць Прыбалтыка і Калінінградская вобласць Расіі, то мы вырашылі напісаць праграму курса для вучняў 8—9 класаў па алгарытмізацыі і праграмаванні, — расказвае Анжаліка Іванаўна. — На маю думку, пачынаць вучыць праірамаванню трэба дзесьці з сёмага класа — гэта менавіта той узрост, калі вучні гатовы ўспрымаць праграмаванне ў тым выглядзе, у якiм яно закладзена ў вучэбнай праграме. Як вядома, асновы алгарытмізацыі і праграмавання ўведзены ў базавую вучэбную праграму. Многім дзецям гэтыя тэмы даюцца дастаткова складана, а некаторыя школьнікі, наадварот, адчуваюць, што матэрыял для іх вельмі лёгкі, і наш факультатыў быў створаны якраз у падтрымку тых дзяцей, якім падабаецца займацца праграмаваннем, у якіх ёсць здольнасці да гэтага і якія жадаюць у будучыні ўдзельнічаць у алімпіядах.

На мой погляд, як не ўсе людзі могуць пісаць вершы, так і не ўсе могуць праграмаваць. Мяркую, абсалютна ўсіх школьнікаў неабходна вучыць разумець і чытаць праграмы, магчыма, іх мадэрнізаваць, а вось складаць праграму з нуля — навошта? Гэта творчы працэс. Трэба мець пэўныя схільнасці да праграмавання, асаблівы склад розуму. І такіх дзяцей вопытны настаўнік заўважае ўжо ў 6—7 класах. Гэтыя дзеці часта нават пры рашэнні стандартныхзадач не карыстаюцца тымі метадамі, якія прапаноўваюцца, а імкнуцца прыдумаць штосьці сваё. Калі ж яны рашаюць задачу стандартнымі метадамі, то робяць гэта вельмі хутка.

Пераканана, што на ўзровень дыплома III ступені рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы можна навучыць любога вучня, які мае вялікае жаданне, пры ўмове стараннай, карпатлівай работы. А вось каб атрымаць дыплом I ці II ступені, вучню трэба мець асаблівыя здольнасці: ён павінен не толькі прадэманстраваць свае веды, але і праявіць кемлівасць, не разгубіцца ў незнаёмай сітуацыі.

Ды і не кожны настаўнік зможа весці гэты факультатыўны курс, бо педагогу самому неабходна ўмець складаць алгарытмы і рашаць алімпіядныя задачы".

Праграма факультатыўнага курса пашырае і паглыбляе веды і ўменні вучняў у галіне тэорыі пабудовы і запісу алгарытмаў рашэння практычных задач, знаёміць з метадалогіяй і тэхналогіяй праграмавання, мае алгарытмічную накіраванасць. Яе мэтай з'яўляецца фарміраванне ў вучняў сістэмна-інфармацыйнага погляду на свет, якое ўключае абстрагаванне, мадэліраванне і алгарытмічнае мысленне, атаксама навыкаў валодання камп'ютарам на ўзроўні пачынаючага праграміста.

Праграма курса разлічана на 35 гадзін у кожным класе — заняткі адзін раз на тыдзень. У 8 класе праграма складаецца з пяці асноўных тэм: "Этапы рашэння задач з дапамогай камп'ютара", "Інтэграванае асяроддзе распрацоўкі праграм", "Лагічныя задачы", "Выкарыстанне працэдур і функцый для рашэння задач" і "Рашэнне геаметрычных задач", а ў 9 — з трох: "Рашэнне задач з выкарыстаннем масіваў", "Задачы цэлалікавай арыфметыкі" і "Сістэмы злічэння".

Гэты курс будаваўся ў падтрымку базавага курса інфарматыкі. Некаторыя тэмы не толькі пераклікаюцца з тымі тэмамі, што разглядаюцца вучнямі на ўроку, але і значна пашыраюць іх. Так, тэма "Лагічныя задачы" накіравана на больш глыбокае разуменне школьнікамі каманды "разгалінавання", на фарміраванне ўмення граматна будаваць лагічныя ўмовы, каб задача сапраўды давала вынік.

Акрамя вучэбнай праграмы, аўтары падрыхтавалі вучэбны дапаможнікдля вучня і метадычны дапаможнік для настаўніка.

Вучэбны дапаможнік пачынаецца з тэарэтычнага матэрыялу, з разгляду тыпаў даных. Вучням паказваецца, якім чынам гэтыя даныя могуць захоўвацца, як прадстаўляюць розныя аб'екты з дапамогай наяўных даных унутры мовы праграмавання, якім чынам можна прадстаўляць складаныя структуры даных з дапамогай сродкаў мовы, а потым з дапамогай гэтых жа сродкаў алгарытмамі рашаць задачы. Як вядома, для пэўных класаў задач ёсць тыпавыя алгарытмы іх рашэння. Натуральна, што ёсць простыя алгарытмы, а ёсць складаныя. I па меры ўзрастання складанасці алгарытмаў і структур даных і пабудаваны курс.

Факультатыўны курс мае практычную накіраванасць, і асноўны ўпор зроблены менавіта на рашэнне канкрэтных задач з розных раздзелаў праграмавання і метадаў алгарытмізацыі.

"На сваіх занятках я часта паўтараю вучням: для таго каб навучыцца праграмаваць, трэба праграмаваць. Тут усё як у мове: каб добра валодаць пэўнай мовай, трэба на ёй размаўляць, — заўважае Анжаліка Іванаўна. — Калі ты пасядзеў і паслухаў на занятках тэарэтычны матэрыял — гэта яшчэ не значыць, што ты ўсё засвоіў і можаш скласці тую ці іншую праграму. Варта напісаць адну, другую, трэцюю праграму і толькі на чацвёртай дакладна зразумець яе сутнасць".

Кожная тэма заняткаў пачынаецца з аналізу вельмі простай задачы, якая прапаноўваецца з гатовым рашэннем: яно падрабязна разглядаецца (тлумачыцца, якія тыпы даных неабходна выбраць i якім чынам ад зыходных даных атрымаць канчатковыя, праз якія крокі трзба прайсці), вучням даюцца пытанні на разуменне таго, што зроблена, і прапаноўваецца ўнесці пэўныя мадыфікацыі ў гэтую задачу. Наступны крок — складанне аналагічных задач, якія рашаюцца падобным метадам. На апошнім этапе вучням прапаноўваюцца творчыя задачы, ім неабходна абагульніць тое, што яны ведаюць, і прымяніць свае веды ў новых незнаёмых умовах. Дарэчы, гэта менавіта тое патрабаванне, якое прад'яўляецца алімпіяднікам: мала ведаць, як рашаецца задача, трэба яшчэ і бачыць, як пэўны метад у дадзенай задачы прымяніць, бо гэты метад часцей за ўсё невідавочны.

"Такім чынам, методыка выкладання курса будуецца па ўзоры: разбіраем гатовую задачу, аналізуем, рашаем падобную, адну, другую, трэцюю, а потым зусім новую і непадобную, — каменціруе А.Х.Лапо. — I, як паказвае практыка, для аднаго дзіцяці адной задачы бывае дастаткова для таго, каб перайсці да рашэння больш складаных задач, а іншаму неабходна перара-шаць і дзясятак задач. У вучэбным дапаможніку для школьнікаў пасля разабранай задачы прапаноуваецца 4-5 тыпавых задач, размешчаных у парадку ўзрастання складанасці, што дазваляе індывідуалізаваць навучанне. Калі настаўнік бачыць, што вучань усё схоплівае на ляту, то яму можна прапанаваць адну за-дачу, але самую складаную. Ёсць вучні, якім неабходна паступова ісці да сваёй "вяршыні" і перарашаць цэлы шэраг задач. I, як паказвае практыка, тыя, хто рашае задачы марудна, паступова ідзе ад простага да складанага, вельмі ппыбока ўнікаюць у сутнасць і ўжо потым не робяць памылак у элементарных рэчах, тыя ж, хто крочыць хуткімі тэмпамі, часам робяць памылкі, якія не дапускаюць пачынаючыя".

Выбар базавай мовы праграмавання застаецца за настаўнікам. На думку А.І.Лапо, для прадстаўлення разглядаемых структур даных і алгарытмаў зручная мова праграмавання Ра s са l , якая, дарэчы, рэкамендавана ў базавай праграме. Яна прывучвае школьнікаў да строгасці мыслення. I калі вучні займаюцца пэўны час, то яны пачынаюць думаць структурамі гэтай мовы. Толькі пасля гэтага можна пераходзіць на іншую мову праграмавання (С++, Delphi ).

Па меркаванні аўтараў факультатыўнага курса, у восьмым класе асаблівую ўвагу педагогі павінны ўдзяляць такім паняццям, як "цыклы" і "разгалінаванні", бо ў вучняў падчас выву чэння гэтых паняццяў закладваюцца асновы структурнага мыслення, і калі яны не зразумеюць іх, то далей ім будзе вельмі цяжка працаваць. Пры засваенні гэтых паняццяў школьнікі пачынаюць усведамляць, што, прачытаўшы ўмовы задачы, нельга адразу пісаць праграму, спярша неабходна пабудаваць алгарытм яе рашэння.

Зразумела, поспех рашэння задач факультатыўнага курса ў многім залежыць ад арганізацыі педагогам вучэбнага працэсу. Асаблівая ўвага ў навучанні павінна быць удзелена самастойнай рабоце вучняў: самастойнаму рашэнню заданняў, прапрацоўцы дадатковага вучэбнага матэрыялу, разбору гатовых рашэнняў.

Аўтары факультатыўнага курса пастараліся аблягчыць работу настаўнікам.У метадычным дапаможніку дакладна прапісаны канкрэтныя мэты кожных заняткаў, пададзены рэкамендацыі наконт таго, на якія задачы звярнуць асаблівую ўвагу, у якой паслядоўнасці іх рашаць, змешчаны таксама тэставыя заданні, пытанні на разуменне матэрыялу, творчыя заданні.

"На самай справе, методыкі выкладання праграмавання пакуль што не існуе, — адзначае Анжаліка Іванаўна. — Няма адказу і на пытанне, якім тыпам задач трэба навучыцца ра-шаць дзецям, каб дасягнуць гарантаванага поспеху ў праграмаванні. Гэта тлумачыцца тым, што толькі ў 2008 годзе ў праграму базавага курса былі ўведзены асновы алгарытмізацыі і праграмавання. А пакуль кожны педагог ідзе сваім шляхам і прапаноўвае вучням тыя тыпы задач, рашэнне якіх прыносіць станоўчыя вынікі. I тут справа будучыні — прывесці назапашаны вопыт у сістэму".

Метадычныя рэкамендацыі па кожнай тэме факультатыўнага курса складзены з улікам трох узроўняў: рэпрадукцыйнага (праверка тэарэтычных ведаў), прадукцыйнага (правер-ка практычных уменняў і навыкаў) і творчага (прапаноўваюцца індывідуальныя заданні для тых вучняў, якія справіліся з асноўным матэрыялам: распрацаваць алгарытм рашэння задання, напісаць праграму на мове праграмавання, правесці тэсціраванне праграмы на наяўнасць памылак, праверыць правільнасць рашэння з рознымі лікавымі данымі і г.д.).

Праграма факультатыву прадугледжвае ў кожным класе па некалькі гадзін на творчыя работы. Аўтары прапаноўваюць настаўніку для адных вучняў зрабіць падборку алімпіядных задач, а другім даць заданне стварыць які-небудзь уласны дадатак (напрыклад, па геаметрычнай тэме "Плошчы" напісаць праграму па выбары тыпу фігуры і вызначэнні яе плошчы). Прычым важна, каб дзейнасць школьнікаў мела практычны выхад за межы школы. Калі вучань з захапленнем рашае алімпіядныя задачы, то можа стаць удзельнікам рэспубліканскай алімпіяды, а калі ён з цікавасцю бярэцца за стварэнне праекта, то гэты праект можна прадставіць на навукова-практычнай канферэнцыі.

Мяркуецца, што пасля заканчэння факультатыўнага курса вучні атрымаюць уяўленне аб разнастайнасці задач, якія рашаюцца з выкарыстаннем мовы праграмавання; аб метадах рашэння задач; атрымаюць рэальны вопыт удзелу ў творчай і даследчай дзейнасці.

Па меркаванні А.І.Лапо, мэты курса сапраўды будуць дасягнуты, калі настаўнік убачыць, што яго выхаванец можа працаваць самастойна і толькі калі-нікалі яго неабходна накіроўваць у патрэбнае рэчышча. Вучань жа павінен бачыць свае рэальныя вынікі ў якой-небудзь турнірнай табліцы. Тым больш што зараз прапаноўваецца шэраг разнастайных конкурсаў, інтэрнэт-алімпіяд, у якіх можна прыняць удзел і прадэманстраваць свае здольнасці. Гэта будзе і паказчыкам выніковасці, і стымулам для далейшай работы. А тыя вучні, якія выкажуць жаданне і далей прымаць удзел у алімпіядным руху, будуць мець магчымасць працягваць навучанне і на старшай ступені: на зацвярджэнне ў НІА накіравана праграма факультатыўнага курса "Рашэнне алімпіядных задач" для 10—11 класаў аўтараў К.В.Пазюра, Н.А.Карповіч, А.І.Лапо і праграма факультатыўнага курса "Алгарытміка" для 11 класа, аўтарам якой з'яўляецца доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, загадчык кафедры дыскрэтнай матэматыкі і алгарытмікі факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ У.М.Котаў.

Другие сайты факультетаСтруктураОбразованиеМагистратураНаукаМеждународное сотрудничествоСтудентуНИРСАСовет молодых ученыхОлимпиадыАбитуриентуШкольникуЦентр
Компетенций
по ИТ
Microsoft
Imagine Premium
ИсторияИздания факультетаПрофбюро ФПМИПерсональные страницыФотогалереи Газета ФПМыНаши партнеры