RUS ENG

Вострай барацьбой i бурленнем матэматычных думак быу адзначаны Рэспублiканскi турнiр юных матэматыкау

9 снежня ў Мінску завяршыўся XI Рэспубліканскі турнір юных матэматыкаў, які праходзіў на базе гімназіі-каледжа мастацтваў імя І.А.Ахрэмчыка. Сёлета ў турніры спаборнічалі 16 каманд — усяго 96 школьнікаў. Да беларускага рэспубліканскага турніру юных матэматыкаў вялікую цікавасць праяўляюць і замежныя школьнікі. За ўсю гісторыю існавання турніру ў ім бралі ўдзел каманды з Расіі, Казахстана, Украіны, Балгарыі. Сёлета ў Мінск прыехалі школьнікі з Алматы і Санкт-Пецярбурга.

На працягу пяці дзён работы турніру юныя матэматыкі дэманстравалі сваё ўменне працаваць у камандах, рашаць даследчыя задачы, аргументавана адстойваць уласны пункт гледжання падчас публічных дыскусій. Традыцыйна турнір праходзіць у выглядзе матэматычных баёў, падчас якіх кожная каманда не толькі прадстаўляе свае даследаванні, а і апаніруе і рэцэнзуе выступленне іншых каманд.

Пераможцаў турніру вызначала кампетэнтнае журы, якое складаецца з дактароў і кандыдатаў навук, а яго нязменным старшынёй з'яўляецца старшы навуковы супрацоўнік Інстытута матэматыкі НАНБ, доктар фізіка-матэматычных навук Яўген Канстанцінавіч Макараў.

Падводзячы вынікі XI Рэспубліканскага турніру юных матэматыкаў, Яўген Канстанцінавіч заўважыў, што, якія б крызісы і іншыя непрыемнасці ні ўскалыхвалі свет, беларускаму турніру юных матэматыкаў нічога не пагражае. Дні работы турніру былі адзначаны вострай барацьбой і бурленнем матэматычных думак.

На думку старшыні журы, значных поспехаў сёлета дасягнула каманда Гомеля, якой пасля доўгай і ўпартай барацьбы на працягу некалькіх гадоў удалося заваяваць трэцяе месца і прабіцца ў фінал спаборніцтва. Паспяховым было выступленне і каманд з Санкт-Пецярбурга, Ліцэя БДУ, даклады якіх былі настолькі цікавымі і складанымі, што нават не ўсе члены журы зразумелі іх з першага разу. Маладая зборная каманда сталічных гімназій №№ 13 і 33 вызначылася і на мінулагоднім турніры, а сёлета яна выступіла яшчэ лепш. Па меркаванні Я.К.Макарава, "вырасла" і каманда з Казахстана, больш ініцыятыўнай стала каманда школьнікаў з гімназіі № 8 Віцебска. Перамогу каманды 41 -й сталічнай школы Яўген Канстанцінавіч назваў рашучай і падкрэсліў, што яна з вялікай розніцай адарвалася ад сваіх сапернікаў і набрала 154,5 бала. Адметна, што падрыхтоўкай каманды да спаборніцтва займаліся выпускнікі школы № 41, цяпер студэнты ФПМІ БДУ — Міхаіл Глушчанка і Алег Асавіцкі.

"Даклады большасці ўдзельнікаў былі цікавымі і змястоўнымі, — падкрэсліў Я.К.Макараў, — і часта выклікалі жывую рэакцыю ў апанентаў і рэцэнзентаў. Тым не менш сцвярджэнне аб тым, што нашаму турніру нічога не пагражае, з'яўляецца ўсяго толькі гіпотэзай, заснаванай на пэўных назіраннях. I для таго, каб яно было справядлівым, неабходна прыкладаць яшчэ большыя намаганні як арганізатарам турнiру, так і яго ўдзельнікам — і цяперашнім, і будучым".

Уручаючы дыплом першай ступені камандзе сярэдняй школы № 41 Мінска, намеснік Міністра адукацыі Казімір Сцяпанавіч Фарыно адзначыў, што сёння ў зале сабраліся тыя вучні, якія будуць выступаць на міжнародных інтэлектуальных спаборніцтвах і праслаўляць нашу краіну. Ён параіў усім прысутным юным дараванням не спыняцца на дасягнутым, а працягваць працаваць над сабой, развіваць свой талент, тым больш што ў нашай краіне ёсць для гэтага усе ўмовы. Казімір Сцяпанавіч даручыў удзельнікам турніру правесці ў сваіх навучальных установах урок матэматыкі, на якім можна расказаць пра турнір і патлумачыць, задачы якогаўзроўнютам даводзіцца рашаць, і абавязкова падзякаваць сваім настаўнікам і бацькам за іх працу.

Дыпломы другой ступені атрымалі зборныя каманды Гомельскай вобласці, Санкт-Пецярбургэ і каманда Ліцэя БДУ А дыпломамі трэцяй ступенi былі адзначаны адразу чатыры каманды — Казахстана, ліцэя № 1 Брэста, гімназіі № 8 Віцебска і зборная гімназій №№ 13 і 33 Мінска.

Намеснік старшыні журы турніру, намеснік дэкана факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, кандыдат фізіка-матэматычных навук Барыс Валянцінавіч Задворны падкрэсліў, што хоць узнагароды атрымалі не ўсе каманды, аднак вызначыліся ўсе, і ў кожнай каманды былі выдатныя даклады. Барыс Валянцінавіч параіў юным матэматыкам прадоўжыць работу над сваімі даследаваннямі і выступіць з імі на навукова-практычнай канферэнцыі, якая традыцыйна ладзіцца ў канцы зімы. Многія ўдзельнікі турніру сапраўды працягваюць сваю навуковую дзейнасць і дамагаюцца яшчэ большых вынікаў як на рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, так і на міжнароднай. Б.В. Задворны таксама запрасіў удзелынікаў мерапрыемства адпачыць і атрымаць новыя веды ў летняй навукова-даследчай школе, што праходзіць на базе лагера "Брыганціна".

К.С. Фарыно нагадаў, што гэтым летам у Францыі прайшоў I Міжнародны турнір юных матэматыкаў, адкуль наша каманда вярнулася з перамогай. У наступным міжнародным турніры беларуская каманда таксама будзе прымаць удзел, і да гэтага спаборніцтва ўжо можна пачынаць рыхтавацца.

Святлана КІРСАНАВА

 

 

 

 

НА ЗДЫМКУ: каманда пераможцаў 41-й сталічнай школы (Ілья Фрыдман (11 клас), Аляксей Іванін (10 клас), Кірыл Іваноў (9 клас), Настасся Танана (9 клас), Ганна Ждан (11 клас) і Паліна Худзякова (11 клас)) разам з намеснікам Міністра адукацыі К.С.Фарыно.

Другие сайты факультетаСтруктураОбразованиеМагистратураНаукаМеждународное сотрудничествоСтудентуНИРСАСовет молодых ученыхОлимпиадыАбитуриентуШкольникуЦентр
Компетенций
по ИТ
Microsoft
Imagine Premium
ИсторияИздания факультетаПрофбюро ФПМИПерсональные страницыФотогалереи Газета ФПМыНаши партнеры